Гісторыя ў фатаграфіях пра маю бабулю Гэлену
ГРАМАДСТВА
ШЧАСЛІВАЙ СМЕРЦІ
Андрэй Анро / 2010 - 2019
БЕЛ
MODLITWA O ŁASKĘ
DOBREJ ŚMIERCI
Ucieczko grzesznych i Patronko dobrej smierci,
bądź z nami w godzinie naszego konania,
wyyjednaj nam żal doskonały, szczerą skruchę,
odpuszczenie naszych grzechów
i godne przyjęcie świętego wiatyku,
umocnienie sakramentem chorych,
abyśmy z ufnością mogli stanąć
przed sprawiedliwym, ale i miłosiernym Sędzią,
naszym Bogiem i Zbawicielem.

Amen.
Труну з дзедам Юзікам толькі вынеслі з залы. 16.04.2018
Калі мая бабуля жыла на хутары, яна бачыла гэта.
Альжуня Жызнеўская, Альжбета Адамаўна (1904 - 17 кастрычніка 1977 ), мая прабабка, трымае дачку Гэлену. Памярала ад раку. Перад смерцю ляжала некалькі год.
Баба Гэлена кажа, што злегла, бо мусіць не над-та добра глядзела за маткай(мамай). Цяпер за ляжачай Гэленай глядзіць малодшая дачка Ірына, мая мама.
Фэля (1890 - ????), старэйшая сястра з трох(Фэля, Мар'яна, Альжуня) - усіх перажыла, і дзядзецей (3 сыны, усе памерлі, калі ім было каля 40, адзін ад блакітнай гарэлкі, якую купіў ў Вайніденятах, другі паехаў у Вільнюс, скруціла на вазу і ад холаду памёр, а трэці кажуць утапіўся).
Ігнаць Гакуць. Муж Фэлі. Пасля смерці бацькоў Альжбеты і Фэлі, Фэля, як старэйшая сястра, ўзяла абавязкі бацькоў на сябе і вырашыла лёс малодшай Альжбеты, выдаўшы яе замуж за Адама, бо ў Адама было шмат зямлі.
Дзед Юзік, Алянцэвіч Іосіф Казіміравіч (24.08.1934 - 15.04.2018), муж маёй бабы Гэлены.
Гэта труну з Юзікам вынеслі з пакою, дзе ўсе люстэркі секцыі завешаны белай прастынёй. Памёр ад раку прастаты. Перад смерцю пажаўцеў. Быў членам Грамадства Шчаслівай Смерці.
Алла Іосіфаўна, (29.09.1960) сястра маёй мамы, старэйшая. Зараз жыве ў Маскве. Адданая каталічка. Мае двух дзяцей, Андрэя і Ягора. Дарэчы Анрэй у дзяцінстве размаляваў любімы партрэт бабулі, што вы бачылі ў пачатку гісторыі, зрабіўшы з Гэлены піратку. Але гэта ж і ёсь сапраўны характар нашай бабы.
Мая бабуля Жызнеўская Гэлена Адамаўна (01.08.1937), галоўная асоба гэтай гісторыі, нарадзілася на хутры вёскі Абрамаўшчына (Смаргонскі р-н). Фота зроблена на фэсце ў Данюшава, 1938-39 год. Як кажуць у Смургоні: "Дзе фэст, там і я ест!"
Алла, сястра маёй мамы. Фота зроблена ў шахцёрскім гарадку Селідава, Украіна, першая палова 1962 г. На Шахтах працаваў дзед Юзік.
Гэта я. Анро Анрэй Юр'евіч, пры народзінах меў прозвішча Рогач. Нарадзіўся 24.06.1987
Сяжу на каленях у бабы Лены(Алянцэвіч Гэлена Адамаўна)
Алянцэвіч (Жызнеўская) Гэлена Адамаўна (01.08.1937).
Баба Лена навучыла нас з братам маліцца на польскай мове, і ўвогуле, калі б не яна, вядома, мяне б ахрысцілі ў праваслаўную веру.
Баба Лена (Алянцэвіч Гэлена Адмаўна) паміж дочак, якіх яна таксама запісала ў Грамадства Шчаслівай Смерці.
Мая мама. Рогач(Алянцэвіч) Ірына Іосіфаўна (17.12.1962). Зараз таксама, як і бабуля, адданая каталічка.
Баба Гэлена, у пузе Ірына. З права муж Юзік, паміж імі на зэдліку дачка Алла.
Тэрыторыя вёскі Абрамаўшчына, Смаргонскі раён, Беларусь. На гэтым месцы раней знаходзіўся хутар, у якім жыла бабуля Лена са сваёй сям'ёй. Хутар прадалі, бабуля пераехала ў горад. Зараз на гэтым месцы растуць бярозы сярод зваленых з бліжэйшага поля камянёў.
Накладанне польскай мапы ад Ваеннага Інстытута Геаграфіі за 1934 года на спадарожнікавы здымак Googlemap 2018 г. Смаргонь, вул. Чапаева, дом 13

Дом, дзе зараз жыве бабуля, знаходзіцца на тэрыторыі былых яўрэйскіх могілак, якую ачысцілі ад помнікаў спецыяльна для будаўніцтва гэтага дома, прарабам на будоўлі быў мой дзядуля-нябожчык Юзік. Ён таксама распавядаў, як пасля ў яго падвале з зямлі вылазілі косткі і як ён з суседам закопваў іх назад і заліваў цэментам яму.
Абраз святой Гэлены ў пакоі бабулі займае ганаровае месца ў чырвоным куце. Святая Гэлена праславілася сваёй дзейнасцю па распаўсюджванні хрысціянства і праведзенымі ёю раскопкамі ў Іерусаліме, падчас якіх былі знойдзеныя Труна Гасподняя, Жыватворчы Крыж і іншыя рэліквіі Пакут Хрыстовых.
Грамадства
Шчаслівай Смерці
Тэма цудаў і смерці, жалю і болю заўсёды вабіла маю бабу Гэлену, таму, як толькі ў Смаргоні з'явілася Грамадства Шчаслівай Смерці, бабуля ўступіла ў яго з радасцю. Да таго ж, мая баба Гэлена – адданая каталічка, якая прымае ўсё, што ад каталіцкай царквы, куды яна хадзіла кожны дзень спяваць у хоры для жывых. А калі хто паміраў, яе голас гучаў для нябожчыка. І так было, пакуль яна не вырашыла легчы ў ложак і чакаць шчаслівай смерці.

"Гэта як дзед наш, са свечкай, сам трымаў і крыж пацалаваў, хутка памёр і пры памяці, ксёндз прычасціў, шчасліва памёр", – растлумачыць баба Лена пасля таго, як не стане дзеда Юзіка, які ўсё варочаў яе цела на ложку ды націраў спіртамі. Яны часта спрачаліся, хто памрэ першым. Дзед першы, а бабуля ляжыць як і ляжала, рыхтуючыся да шчаслівай смерці. Смерць не прыходзіць, толькі сон: стаіць Гэлена каля вялізных варот Раю сярод чаргі людзей ды задаволена пазірае за вароты, вабяць яе дзівосныя сады, але голас кажа: "Не час".

Ужо прайшло сем гадоў. Ложак стаў месцам малітвы і плачу. Агнём гараць косткі Гэлены, быццам у катле сярод пекла, як на тых карцінках, што паказвала мне бабуля ў дзяцінстве праз навуку каталіцкай веры. Амэн.
ПАДРЫХТОЎКА ДА СМЕРЦІ
(рабіць штодня)

Памятайце, нашы рэчы кантачтковыя:
- Я магу памерці ў любы момант і адысці ў вечнасць,
- у момант смерці мяне будуць судзіць па маіх справах,
- калі я памру ў стане смяротнага граху, я буду вечна няшчасным у пекле з шатанамі і праклятымі,
- Калі я памру ў стане асвячальнай ласкі, я буду вечна шчаслівы з Анёламі і святымі на небе.
Грамадства Шчаслівай Смерці абапіраецца на адданасць Божай Маці Балеснай, яно распаўсюдзілася па хрысціянскім свеце з Фларэнцыі пасля заснавання ў 1239 годзе манастыра Слугі Найсвяцейшай Панны Марыі і стварэння ордэна сэрвітаў.

У канцы пятнаццатага стагоддзя культ Маці Божай Балеснай развіваецца і набывае назву "Маці Божай Сямі Смуткаў", што выяўляе ўсе нягоды Марыі, якія запоўнілі яе жыццё.

Грамадства Шчаслівай Смерці – гэта гутарковая назва ад бабулі па матулінай лініі, афіцыйная назва суполкі – Апостальства Добрай Смерці або Асацыяцыя Маці Божай Апякункі Добрай Смерці. Апостальства ў яго цяперашнім выглядзе было зацверджана Папам Піем X 22 ліпеня 1908 года ў Тэншэбрэ (фр. Tinchebray, па адной з версій назва паходзіць ад лацінскага tenebrae – цемра, змрок), Францыя. Папа падараваў Асацыяцыі шматлікія прывілеі і надаў ёй універсальны характар, пасля чаго яе дзейнасць ахапіла ўсю каталіцкую царкву. У 2004 годзе рэзідэнцыя Асацыяцыі ў Францыі была перанесена з Тэншэбрэ ў Ля Шапэль-Манліжон (La ChapelleMontligeon). Святыня Божай Маці ў Ля Шапэль-Манліжоне таксама з'яўляецца Сусветным Цэнтрам Малітвы за Памерлых.

З 1980-х захавальнікамі Асацыяцыі становяцца місіянеры Святой Сям'і ў Польшчы, адкрываецца штаб-кватэра ў Гурцы-Кляшторнай. З Польшчы праз каталіцкую царкву Таварыства расшырылася на тэрыторыю Заходняй Беларусі і з пачатку 2000-ых вернікі касцёла Міхала Арханёла з г. Смаргонь пачалі ўступаць у Асацыяцыю Шчаслівай Смерці, сярод якіх была і мая бабуля Алянцэвіч Гэлена Адамаўна (1937 г. нараджэння).

Пачынаючы з 1999 года ў Польшчы праводзяцца імшы для жывых і памерлых членаў асацыяцыі. Акрамя таго, уся святая імша праводзіцца штодня на працягу лістапада для памерлых членаў Асацыяцыі.
ГЭЛЕНА
Так хрысціла цябе цётка Фэля
у гонар надта прыгожай дзеўкі
не паслухаўшы тваёй маткі
матка наказала каб Ганнай
і яшчэ дзень цябе так называла
ты плакала праз гэта
ты глядзела на бацьку мужа
калі рэзала кумпякі
і думала пра дзіця
каб толькі не нарадзілася такое рудое
і рудое нарадзілася
ты плакала праз гэта
з табой размаўляў ксёндз у захрыстай
казаў навошта табе Юзік
але вы згулялі вяселле на дзве вёскі
і калі Юзік прыходзіў дахаты п'яны
ты плакала праз гэта
ты хадзіла па горадзе і уяўляла
як добра жыць на вышыні
і калі вы атрымалі кватэру
на першым паверсе
ты плакала праз гэта
аднойчы зламаўся аўтобус
на якім людзі ехалі ў гару
і калі ты выйшла яго падштурхнуць
аўтобус пакаціўся назад
ды склаў цябе як ліст паперы
тады ты паднялася
ды пайшла пяяць па нябожчыках
памятаеш тую маладую,
што села пад куст
што сядзела там пакуль не памерла
ты глядзела на яе
і плакала праз гэта
неяк я спытаў у цябе й ты адказала
што не любіш радасці
табе каб сесці й паплакаць
тады ты села й заплакала праз гэта
Хачу падзякаваць:

Стыпендыяльнай праграме Gaude Polonia за магчымасць рэалізаваць праект.

Адаму Панчуку за куратарскую працу і добрыя парады.

Юлі Цімафеевай і Наталлі Ількевіч за пераклад верша "Гэлена".

Наталлі Ількевіч за пераклад асноўнага тэксту.

Алене Запарожац за пераклад субтытраў на ангельскую.

Алене Пятровіч за працу рэдактара.

Васілісе Палянінай за каментары і падтрымку.

Таксама дзякую ўсім, хто паспрыяў праекту: Мая бабуля Гэлена і дзядуля Юзік Алянцэвіч, мае бацькі Ірына і Юрый Рогач, цётка Таццяна Рогач. Багуміла Бердыхоўска, Андрэй Лянкевіч, Ілона Дзяргач, Вячаслаў Палякоў, Алена Субач ды інш.
© 2019 All Rights Reserves
Facebook | anro.by
Made on
Tilda